Н.Р.М./ Мроя, „Белы сьцяг”, „Зямля” — Гарадок, 18 ліпеня 2009 г.
Пасьля канцэртаў польскага гурту „T.S.A.” і амэрыканскага блюзмэна Джо Бонамасы ў Сувалках гарадоцкае „Басовішча” (18 ліпеня 2009 г.) не гучала ўжо для мяне так пераканаўча як мінулымі гадамі. Я асьведаміўся, што будучы зьвязаны з гарадоцкім фэстывалем не да канца ўцямнымі нават мне самому эмацыйнымі ніткамі, я кожны год прыдаю фэстывалю нейкую дадатковую афарбоўку — гляджу на яго і слухаю яго не такім, якім ён насамрэч, але такім, якім я хацеў бы яго бачыць і пачуць.
Людзі ж, наагул, глядзяць на музыку інакш — яны езьдзяць з канцэрту на канцэрт, з фэстывалю на фэстываль і параўноўваюць. Гэта было для іх прафэсійна, а гэта — не да канца прафэсійна. Гэта гучала для іх чыста і віртуозна, а гэта — зьлёгку какафанічна. Лёсам, здаецца, не да канца выпадковага выпадку гэткую пэрспэктыву займеў на момант і я ў дачыненьні да — скажу без ваганьняў — крышачку майго „Басовішча”.
Няма на „Басовішчы” (а можа лепш трэба было б сказаць: у беларускім року) чысьціні гуку, нейкай такой мэтафарычнай спрошчанасьці, якая трапляе чалавека зразу ў само сэрца. Няма гэтага ў адметнай колькасьці, бо яркія выключэньні былі і ёсьць. Можа гэта я сам з гадамі так перамяніўся, што шукаю-выглядаю ў беларускай музыцы ня ведаць чаго, але я перакананы, што і большасьць людзей, гэтаксама як і я, прагная нечага, што можна было б назваць „паэтычна спрошчаным у лёгказапамінальныя лейт-матывы пасланьнем музыкі”.
Уліс, „Краіна доўгай белай хмары” — аўдыётрэк аднайменнага альбому; чысьціня, якой пасьля 1992 году я ўжо ніколі не пачуў
На гэтым фоне нязьменна чыста, лёгка й віртуозна заўжды гучаў ды надалей гучыць гурт „Н.Р.М.” (або ўзноўленая на момант у гэтым годзе „Мроя”). Я зь нескрываным задавальненьнем паставіў на пачатку запіс дзьвюх кампазыцыяў „Мроі”, якія прагучалі на юбілейным „Басовішчы”. Я ўпэўнены, што ніводнага чалавеку майго пакаленьня, які паслухае гэты запіс, ня варта і пытаць, хто быў узорам для „Мроі” — пытаньне было б занадта банальнае. „Мроя” адным сваім альбомам „Дваццаць восьмая зорка” зьліла плынь беларускага року з агульным рэчышчам сымбаляў моладзевай культуры г.зв. заходняга сьвету. Выявілася, што мова сымбаляў беларускай культуры ды сама беларуская мова ў гэтым рэчышчы гучыць вельмі натуральна, пераканаўча й чыста. Мяне яшчэ ўразіла ў Гарадку дэталь, што гітарыст „Мроі” нават вонкава нагдваў Стывэна Морса — ён ня тое, што гэтага не хаваў на гарадоцкай сцэне, але нават і стараўся паводзіць сябе гэтак жа. „Мроя” ўзнавілася на хвілін 20 з нагоды 20-годзьдзя „Басовішча” — здагадваюся, што музыкі самі ўсё так задумалі, каб на момант павеяла клясыкай року і ягонай даўнінай. Як для мяне, дык павеяла.
Зьнізу два іншыя відэазапісы зь юбілейнага „Басовішча” — абодва ў фармаце flv (Flash Video), які вы зможаце раскрыць у RealPlayer або Winamp.
- Required fields are marked with *.
- Comments are published after the approval of the site moderator, who is a human rather than a wind-fast computer program so please be patient. Off-topic comments are definitely removed.
| Enter this code into the appropriate field of the form while submitting an e-mail or a comment. If you have trouble with reading it, generate another... |



